Смяротны ўдар па тэатры ва ўкраінскім Марыупалі – відавочнае ваеннае злачынства расійскіх войскаў. Новае расследаванне Amnesty International

Правёўшы вялікае расследаванне, Amnesty International прыйшло да высновы, што расійскія ўзброеныя сілы здзейснілі ваеннае злачынства, калі ў сакавіку нанеслі ўдар па марыупальскім драматычным тэатры ва Украіне, забіўшы як мінімум дзясяткі людзей, а, магчыма, і нашмат больш.

У новым дакладзе «Дзеці: Напад на Данецкі акадэмічны абласны драматычны тэатр у Марыупалі, Украіна» арганізацыя дакументуе, як расійскія вайскоўцы, імаверна, наўмысна нанеслі ўдар па тэатры, хаця ведалі, што 16 сакавіка там хаваліся сотні цывільных асобаў, і гэта робіць напад відавочным ваенным злачынствам.

Група крызіснага рэагавання Amnesty International апытала многіх выжылых і сабрала грунтоўныя лічбавыя доказы, прыйшоўшы да высновы, што напад амаль дакладна быў здзейснены расійскім знішчальнікам, які скінуў дзве 500-кілаграмовыя бомбы, і яны адначасова выбухнулі побач адна з адной.

«Пасля некалькіх месяцаў руплівага расследавання, аналізу спадарожнікавых здымкаў і апытання дзясяткаў сведкаў мы прыйшлі да высновы, што ўдар быў відавочным ваенным злачынствам, здзейсненым расійскімі войскамі, – заявіла генеральны сакратар Amnesty International Аньес Каламар. – У выніку гэтага бязлітаснага нападу было паранена і забіта шмат людзей. Прычынай іх смерці, імаверна, зрабіўся наўмысны ўдар расійскіх войскаў па мірных жыхарах Украіны.

Міжнародны крымінальны суд і ўсе іншыя органы, якія валодаюць юрысдыкцыяй у дачыненні да злачынстваў, здзейсненых падчас гэтага канфлікту, мусяць расследаваць гэты напад як ваеннае злачынства. Усе вінаватыя ў гэтых смерцях і разбурэннях мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці».

Міжнародны крымінальны суд і ўсе іншыя органы, якія валодаюць юрысдыкцыяй у дачыненні да злачынстваў, здзейсненых падчас гэтага канфлікту, мусяць расследаваць гэты напад як ваеннае злачынства

Аньес Каламар, генеральны сакратар Amnesty International

Amnesty International даручыла спецыялісту ў галіне фізікі пабудаваць матэматычную мадэль узрыву, каб вызначыць чыстую масу выбуховага рэчыва, якая магла б выклікаць разбурэнні, што назіраюцца ў тэатры. Была зробленая выснова, што чыстая маса выбуховага рэчыва бомбаў складала 400-800 кг. Грунтуючыся на звестках пра авіябомбы, наяўныя ў расійскім арсенале, Amnesty International мяркуе, што гэта, хутчэй за ўсё, былі дзве 500-кілаграмовыя бомбы адной і той жа мадэлі, чыстая маса выбуховага рэчыва якіх агулам складае 440-600 кг.

Найбольш імаверна, што расійскія самалёты, што ўдарылі па тэатры, – гэта мнагамэтавыя знішчальнікі, такія, як Су-25, Су-30 ці Су-34, якія базаваліся на найбліжэйшых расійскіх аэрадромах і часта дзейнічалі над поўднем Украіны.

Amnesty International разгледзела некалькі альтэрнатыўных тэорый адносна таго, хто нясе адказнасць за напад і якая зброя магла выкарыстоўвацца. Грунтуючыся на вартых даверу доказах, следства ў выніку прыйшло да высновы, што найбольш праўдападобным тлумачэннем з’яўляецца наўмысны авіяўдар па цывільным аб’екце.

Я не мог паверыць сваім вачам

Пасля таго, як у канцы лютага 2022 г. Расія ўварвалася ва Украіну, мірныя жыхары пачалі пакідаць свае дамы, бо вялікія і малыя гарады цярпелі ад ваенных нападаў. У абложаным Марыупалі ў Данецкай вобласці прытулкам для мірных жыхароў, якія шукалі сховішча ад баявых дзеянняў, зрабіўся тэатр.

Тэатр у Цэнтральным раёне горада быў цэнтрам размеркавання лекаў, ежы і вады, а таксама месцам збору людзей, якія спадзяваліся эвакуявацца праз гуманітарныя калідоры. Будынак выразна ўспрымаўся як цывільны аб’ект, магчыма, нават у большай ступені, чым любое іншае месца ў горадзе.

Мясцовыя жыхары таксама напісалі па-руску вялізным кірылічнымі літарамі слова «Дзеці» на пляцоўках па абодва бакі ад будынка, і яно мусіла быць выразна бачнае расійскім пілотам, а таксама на спадарожнікавых здымках.

Тым не менш, неўзабаве пасля 10:00 16 сакавіка ў тэатр трапілі расійскія бомбы і адбыўся моцны выбух, у выніку якога дах і значныя часткі дзвюх апорных сценаў абваліліся. Падчас нападу ў тэатры і вакол яго былі сотні мірных жыхароў.

Amnesty International мяркуе, што ў выніку ўдару загінуў як мінімум тузін чалавек, а магчыма, нашмат больш; многія іншыя атрымалі сур’ёзныя раненні. Гэтая ацэнка ніжэйшая за ранейшыя падлікі, і гэта суадносіцца з тым фактам, што вялікая колькасць людзей пакінула тэатр на працягу двух дзён да нападу, а большасць тых, хто застаўся, была ў падвале тэатра і іншых месцах, абароненых ад поўнай сілы выбуху.

Amnesty International мяркуе, што ў выніку ўдару загінуў як мінімум тузін чалавек, а магчыма, нашмат больш; многія іншыя атрымалі сур’ёзныя раненні. Гэтая ацэнка ніжэйшая за ранейшыя падлікі

Калі бомбы ўзарваліся, яны разбурылі прылеглыя ўнутраныя сцены па баках сцэны, а затым прабілі вонкавыя апорныя сцены, утварыўшы два асноўныя палі абломкаў на паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім баках будынка. Абодва палі абломкаў відаць на спадарожнікавых здымках, зробленых праз некалькі хвілінаў пасля ўдару.

Ігар Мароз, 50-гадовы архітэктар, знаходзіўся побач, калі ў тэатры трапілі бомбы. Ён расказаў Amnesty International: «Усё адбылося перад нашымі вачыма. Мы былі ў 200 ці 300 м адтуль, [калі] адбыўся выбух… Я чуў гук самалёта і падзення бомбаў…  Потым мы ўбачылі, як дах [на тэатры] падняўся ўверх».

Рыгор Галаўнёў, 51-гадовы прадпрымальнік, сказаў: «Я ішоў па вуліцы, якая вядзе да драматычнага тэатра… Я чуў шум самалёта… але ў той час я насамрэч не надта звярнуў на яго ўвагу, бо [самалёты] лёталі пастаянна… Потым я ўбачыў, як дах будынка выбухнуў… Ён падскочыў на 20 м і затым абваліўся… і тады я ўбачыў шмат дыму і завалы… Я не верыў сваім вачам, бо тэатр быў святыняй. Там было два вялікія надпісы «дзеці».

Віталь Контараў, 48-гадовы кіроўца грузавіка, у час нападу таксама быў ля тэатра. Ён расказаў  Amnesty International: «Мы чулі самалёты… Я бачыў дзве ракеты, пушчаныя з аднаго самалёта ў бок тэатра».

19 САКАВІКА 2022. Спадарожнікавыя здымкі Maxar Марыупальскага драматычнага тэатра, які быў бамбаваны 16 сакавіка. Гэты будынак выкарыстоўваўся як прытулак для сотняў мірных жыхароў Украіны. Марыупаль, Украіна. Прыкметна, што на спадарожнікавым здымку 14 сакавіка вялікімі белымі літарамі (на рускай мове) перад і ззаду тэатра напісана слова «Дети» (c) 2022 Maxar Technologies

‘За секунду ўсё змянілася’

Агулам апытаныя назвалі Amnesty International імёны і прозвішчы чатырох забітых: Міхаіл Грабянецкі, Люба Свірыдава, Алена Кузняцова і Ігар Чысцякоў. Таксама яны назвалі імёны яшчэ трох чалавек, якія, на іх думку, загінулі. Некалькі выжылых і іншыя сведкі паведамілі, што бачылі трупы людзей, якія не маглі апазнаць, і цалкам імаверна, што многія смяротныя выпадкі застаюцца незарэгістраванымі.

Падчас удару ў падвале хавалася жанчына ў познім падлеткавым узросце са сваім хлопцам і маці. Яна расказала Amnesty International: «За секунду ўсё змянілася. Усё скаланулася… Людзі пачалі крычаць. Было шмат пылу… Я ўбачыла людзей у крыві. Мы схапілі дакументы і сышлі… Некаторым пашанцавала менш».

Яўген Грабянецкі знайшоў у канцэртнай зале цела свайго бацькі Міхаіла. Яўген расказаў  Amnesty International: «Было шмат параненых… Паліцыя спрабавала выцягваць людзей з-пад завалаў… Спачатку я ўбачыў яго [Міхаіла] руку. Спачатку я ўбачыў знаёмую руку. Ты ж ведаеш руку сваіх блізкіх. Яго твар быў у крыві. Яго цела было пакрытае цэглай… Я не хацеў, каб мама бачыла».

Дзмітрый Сіманенка быў з Любай Свірыдавай за некалькі хвілінаў да таго, як яна памерла ад ранаў. Ён расказаў Amnesty International: «Яна была цяжка параненая. Ёй удалося выпаўзці з-пад завалаў… яна папрасіла нас запомніць яе імя, бо адчувала, што памірае».

Многія іншыя апытаныя расказалі Amnesty International, што бачылі пасля ўдару ў завалах зруйнаванага будынка акрываўленыя целы і адарваныя часткі целаў, у тым ліку ногі і рукі.

Наўмысны ўдар па цывільных асобах

Міжнароднае гуманітарнае права (МГП) – гэта корпус права, якое галоўным чынам рэгулюе ўзброеныя канфлікты. Ключавы прынцып МГП палягае ў тым, што бакі ва ўзброеным канфлікце мусяць заўсёды праводзіць розніцу паміж цывільнымі асобамі і аб’ектамі і вайскоўцамі і ваенным аб’ектамі. Ваенныя аб’екты могуць рабіцца цэллю нападу, удары ж па цывільных асобах і цывільных аб’ектах з’яўляюцца незаконнымі. Перад любым нападам вайскоўцы мусяць  прыняць захады, каб пераканацца: іх упэўненасць у тым, што іх цэль – не цывільныя асобы і цывільныя аб’екты, абгрунтаваная.

Ніхто з 28 выжылых, апытаных Amnesty International, і іншых сведкаў, што знаходзіліся ля тэатра ў дзень нападу, не паведаміў нічога, што ўказвала б на выкарыстанне ўкраінскімі вайскоўцамі тэатра ў якасці плацдарма або месца для захавання зброі ці пачатку наступаў.

Ужо за некалькі тыдняў да нападу было відавочна, што тэатр мае цывільны характар і ў ім знаходзіцца вялікая колькасць цывільных асобаў. Сама спецыфіка нападу – лакалізацыя ўдару ўнутры будынка, а таксама тып імаверна выкарыстанай зброі, – і адсутнасць побач хоць нейкага патэнцыйна законнага ваеннага аб’екта пераканаўча сведчаць пра тое, што запланаванай цэллю быў тэатр. Такім чынам, гэта, імаверна, быў наўмысны напад на цывільны аб’ект, што з’яўляецца ваенным злачынствам.

«Расійскія войскі здзейснілі з паветра і на зямлі шэраг наўмысных і добра задакументаваных забойстваў мірных жыхароў Украіны, – заявіла Аньес Каламар. – Неабходна тэрмінова правесці дэталёвае расследаванне, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці за нанесеныя імі сур’ёзныя раненні і гібель цывільны асобаў, а таксама значную шкоду цывільнай інфраструктуры».

Неабходна тэрмінова правесці дэталёвае расследаванне, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці за нанесеныя імі сур’ёзныя раненні і гібель цывільны асобаў, а таксама значную шкоду цывільнай інфраструктуры

Аньес Каламар, генеральны сакратар Amnesty International

Метадалогія

У перыяд з 16 сакавіка па 12 чэрвеня Amnesty International сабрала і прааналізавала вартыя даверу сведчанні, звязаныя з нападам на тэатр. Яны ўключаюць 53 непасрэдныя паказанні выжылых і тых, хто быў сведкам нападу і яго наступстваў, прычым 28 з іх знаходзіліся ў той час у тэатры ці ля яго. Таксама Amnesty International прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і радыёлакацыйныя дадзеныя, атрыманыя перад самым нападам і неўзабаве пасля яго,  пацверджаныя фота- і відэаматэрыялы, атрыманыя ад выжылых і сведак, і два камплекты архітэктурных планаў тэатра.

Гэта пацвердзілася даследаваннем адкрытых крыніцаў, праведзенае Лабараторыяй па пошуку сведчанняў Amnesty International, якая вывучыла і праверыла 46 фотаздымкаў і відэа ўдару, апублікаваных у сацыяльных сетках, а таксама дадаткова 143 фотаздымкі і відэа, перададзеныя даследчыкам у прыватным парадку.

Бягучая дакументы Amnesty International пра парушэнні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права падчас вайны ва Украіне можна знайсці тут.