У 2022 годзе ў свеце было пакарана смерцю больш за ўсё людзей за апошнія пяць гадоў — агляд Amnesty International аб смяротным пакаранні

Найвялікшая колькасць смяротных выракаў, зафіксаваных у свеце з 2017 года

81 чалавек пакараны смерцю цягам аднаго дня ў Саудаўскай Аравіі

Паводле даступнай інфармацыі, у 20 краінах выконваліся смяротныя пакаранні.

Шэсць краінаў цалкам або часткова адмянілі смяротнае пакаранне

Колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю ў 2022 годзе дасягнула самага высокага паказчыка за апошнія пяць гадоў, паколькі навялікшыя дзяржавы-забойцы з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі павялічылі колькасць забойстваў, паведаміла сёння Amnesty International у апублікаваным штогадовым аглядзе смяротнага пакарання.

Вядома, што агулам 883 асобы былі пакараныя смерцю ў 20 краінах, што на 53% больш, чым у 2021 годзе. Гэты ўсплёск пакаранняў смерцю, які не ўлічвае тысячы меркаваных пакаранняў смерцю, прыведзеных у выкананне ў Кітаі ў мінулым годзе, адбыўся галоўным чынам за кошт краінаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, дзе лічба зафіксаваных смяротных пакаранняў вырасла з 520 у 2021 годзе да 825 у 2022 годзе.

Агулам 883 асобы былі пакараныя смерцю ў 20 краінах, што на 53% больш, чым у 2021 годзе. Гэты ўсплёск пакаранняў смерцю не ўлічвае тысячы меркаваных пакаранняў смерцю, прыведзеных у выкананне ў Кітаі ў мінулым годзе

«Краіны рэгіёну Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі парушалі міжнароднае права: яны павялічылі колькасць пакаранняў смерцю ў 2022 годзе і гэтым прадэманстравалі бяздушнае грэбаванне чалавечым жыццём. Колькасць асобаў, пазбаўленых жыцця, рэзка ўзрасла па ўсім рэгіёне; Саудаўская Аравія пакарала смерцю 81 чалавека цягам аднаго дня. Зусім нядаўна, у адчайнай спробе пакласці канец народнаму паўстанню, Іран караў смерцю людзей проста за тое, што яны скарысталіся сваім правам на пратэст», — заявіла генеральны сакратар Amnesty International Анес Калямар.

Выклікае трывогу той факт, што 90% вядомых у свеце пакаранняў смерцю па-за межамі Кітаю былі здзейсненыя ўсяго ў трох краінах рэгіёну. Колькасць вядомых пакаранняў смерцю ў Іране ўзрасла з 314 у 2021 годзе да 576 у 2022 годзе; у Саудаўскай Аравіі гэтыя паказчыкі патроіліся з 65 у 2021 годзе да 196 у 2022 годзе — самы высокі паказчык, зафіксаваны Amnesty International за апошнія 30 гадоў. У той жа час у Егіпце пакаралі смерцю 24 чалавекі.

Выклікае трывогу той факт, што 90% вядомых у свеце пакаранняў смерцю па-за межамі Кітаю былі здзейсненыя ўсяго ў трох краінах [Блізкага Усходу]

Прымяненне смяротнага пакарання заставалася ахутаным таямніцай у некалькіх краінах, у тым ліку ў Кітаі, Паўночнай Карэі і В’етнаме — краінах, якія, як вядома, шырока ўжываюць смяротнае пакаранне, — а гэта азначае, што сапраўдная агульнасусветная лічба нашмат большая. Хоць дакладная колькасць забітых у Кітаі невядомая, відавочна, што гэтая краіна заставалася найвялікшай у свеце дзяржавай-забойцам, апярэджваючы Іран, Саудаўскую Аравію, Егіпет і ЗША.

Пяць краінаў аднавілі смяротныя пакаранні

У 2022 годзе смяротныя пакаранні аднавілі ў пяці краінах — Афганістане, Кувейце, М’янме, Палесцінскай дзяржаве і Сінгапуры. У той жа час павелічэнне колькасці пакаранняў смерцю было таксама зафіксаванае ў Іране (з 314 да 576), Саудаўскай Аравіі (з 65 да 196) і ЗША (з 11 да 18).

У 2022 годзе смяротныя пакаранні аднавілі ў пяці краінах — Афганістане, Кувейце, М’янме, Палесцінскай дзяржаве і Сінгапуры

Зарэгістраваная колькасць людзей, пакараных смерцю за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, у 2022 годзе больш чым падвоілася ў параўнанні з 2021 годам. Смяротнае пакаранне за наркатычныя злачынствы з’яўляюцца парушэннем міжнароднага права ў сферы правоў чалавека, паводле якога пакаранне смерцю павінна прымяняцца толькі за «найбольш цяжкія злачынствы» — злачынствы, звязаныя з наўмысным забойствам. Такія смяротныя пакаранні былі зафіксаваныя ў Кітаі, Саудаўскай Аравіі (57), Іране (255) і Сінгапуры (11) і склалі 37% ад агульнай колькасці пакаранняў смерцю, зарэгістраваных Amnesty International па ўсім свеце. Смяротныя пакаранні за наркатычныя злачынствы, верагодна, прыводзіліся ў выкананне ў В’етнаме, аднак такія лічбы з’яўляюцца там дзяржаўнай таямніцай.

«Па жудаснай іроніі лёсу, амаль 40% усіх вядомых пакаранняў смерцю былі здзейсненыя за наркатычныя злачынствы. Важна адзначыць, што часта ад гэтага бесчалавечнага пакарання непрапарцыйна пакутуюць людзі з абяздоленых сем’яў», — падкрэсліла Анес Калямар. «Дзяржавам і ААН пара ўзмацніць ціск на тых, хто нясе адказнасць за такія абуральныя парушэнні правоў чалавека, і забяспечыць увядзенне міжнародных гарантыяў».

Нягледзячы на павелічэнне колькасці пакаранняў смерцю, агульная колькасць зафіксаваных смяротных выракаў, вынесеных людзям, практычна не змянілася, адбылося нават невялікае зніжэнне з 2052 у 2021 годзе да 2016 у 2022 годзе.

Пробліск надзеі

На гэтым змрочным фоне ёсць пробліск надзеі, паколькі шэсць краінаў адмянілі смяротнае пакаранне цалкам або часткова.

Казахстан, Папуа-Новая Гвінея, Сьера-Леонэ і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы, у той час як Экватарыяльная Гвінея і Замбія толькі адмянілі смяротнае пакаранне за агульнакрымінальныя злачынствы.

Казахстан, Папуа-Новая Гвінея, Сьера-Леонэ і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы

Па стане на снежань 2022 году 112 краінаў адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы, а дзевяць краінаў адмянілі смяротнае пакаранне толькі за агульнакрымінальныя злачынствы.

Пазітыўная дынаміка захоўвалася, паколькі Ліберыя і Гана распачалі заканадаўчыя крокі па адмене смяротнага пакарання, у той час як улады Шры-Ланкі і Мальдыўскіх выспаў заявілі, што не будуць практыкаваць прывядзенне ў выкананне смяротных выракаў. Законапраекты пра адмену абавязковага смяротнага пакарання таксама былі ўнесеныя на разгляд парламенту Малайзіі.

“Паколькі многія краіны працягваюць выкідваць смяротнае пакаранне на сметнік гісторыі, прыйшоў час іншым рушыць услед за іх прыкладам. Жорсткія дзеянні такіх краінаў, як Іран, Саудаўская Аравія, а таксама Кітаю, Паўночнай Карэі і В’етнаму, на сённяшні дзень выразна застаюцца ў меншасці. Згаданыя краіны павінны тэрмінова ісці ў нагу з часам, абараняць правы чалавека і забяспечваць правасуддзе, а не забіваць людзей», — заявіла Анес Калямар.

«Улічваючы, што 125 дзяржаваў-членаў ААН — больш, чым калі-небудзь раней, — заклікаюць да ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне, Amnesty International ніколі не мела большай надзеі на тое, што гэта жудаснае пакаранне можа быць і будзе адпраўленым у аналы гісторыі. Але трагічныя лічбы 2022 года нагадваюць нам, што мы не можам спачываць на лаўрах. Мы будзем працягваць кампанію, пакуль смяротнае пакаранне не будзе адмененае па ўсім свеце».