Amnesty International Logo

Заява: Уціск з самага верху. Гендарныя рэпрэсіі супраць жанчын-актывістак у Беларусі

Жанчыны непрапарцыйна церпяць ад жорсткага ўціску правоў чалавека ў Беларусі, дзе ўлады дэманструюць абуральнае грэбаванне абавязальніцтвамі краіны ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, што адбудуцца ў жніўні 2020 года. Жанчыны — аб’ект гендарных стэрэатыпаў і дыскрымінацыі, заснаваных на патрыярхальных уяўленнях аб гендарных ролях, якія прадстаўляюць іх як «уразлівых» і «слабых», пазбаўляюць іх кантролю над сваім целам і зводзяць да роляў і абавязкаў, звязаных з клопатам пра сям’ю і мацярынствам[1]. Напярэдадні жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў таксама становіцца відавочным, што ўлады часта пераследуюць жанчын з улікам гендарных асаблівасцяў.

Падаўленне ўсіх формаў палітычнага іншадумства прывяло да сур’ёзнага абмежавання правоў на свабоду выказвання меркаванняў, аб’яднанняў і мірных сходаў. Мірныя сходы, якія збіралі жменьку ці тысячы людзей, былі разагнаныя праваахоўнымі органамі з усё большым ужываннем гвалту. Сотні людзей пацярпелі ад адвольных арыштаў і затрыманняў, міліцэйскага гвалту і буйных штрафаў. Дзясяткі людзей падлягаюць неабгрунтаванаму крымінальнаму пераследу, а многія ўжо знаходзяцца за кратамі ў якасці падазраваных у здзяйсненні крымінальных злачынстваў – але яны з’яўляюцца вязнямі сумлення, як і любая асоба, затрыманая проста за ўдзел у мірным пратэсце.

У той час як шэраг сектараў грамадства церпяць ад уціску, жанчыны, якія актыўна ўдзельнічаюць у палітычнай кампаніі і грамадскай дзейнасці, дадатакова сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу. У выніку, яны часта ў непрапарцыйных памерах церпяць ад палітычна матываваных пераследаў, запалохванняў, уціску і рэпрэсіяў, накіраваных супраць праціўнікаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і іх прыхільнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Жанчыны, якія з’яўляюцца членамі сям’і ці сваякамі лідараў палітычных пратэстаў, таксама сутыкаюцца з падобным абыходжаннем. Гэта могуць быць пагрозы з боку уладаў адабраць дзяцей гэтых жанчын пад апеку дзяржавы або пагрозы сексуальнага гвалту ў дачыненні да іх.

Кантэкст: жанчынаненавісніцтва ад  высокіх чыноў прапагандуецца цэнтральнымі сродкамі масавай інфармацыі

У Беларусі патрыярхальнае і дыскрымінацыйнае стаўленне да жанчын глыбока ўкаранілася як у дзяржаўных інстытутах, так і ў грамадстве. З аднаго боку, прэзідэнт прызначае відных жанчын на кіруючыя пасады ў адміністрацыі прэзідэнта або на пасаду міністра. З іншага боку, гэтыя прызначэнні часта носяць сімвалічны характар. Вядомасць гэтых жанчын у палітыцы краіны і, як следства, іх бачнасць у кантраляваных дзяржавай сродках масавай інфармацыі залежаць ад іх падкрэсленай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі. Наадварот, любая жанчына, якая атрымала грамадскае прызнанне знаходзячыся ў апазіцыі да ўладаў, часта становіцца мішэнню паклёпніцкіх кампаній або грэблівых заўваг прэзідэнта і яго атачэння, калі гэта яшчэ не наўпроставы ўціск і запалохванні. Такія грэблівыя выказванні кіраўніка дзяржавы ў адрас жанчын, якія разглядаюцца носьбітамі значнай грамадскай або палітычнай пагрозы, напрыклад падчас пандэміі COVID-19 або напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, з’яўляюцца адкрыта жанчынаненавісніцкія і зневажаюць годнасць усіх жанчын.

У сваіх публічных выказваннях прэзідэнт звычайна робіць сексісцкія заявы, напрыклад, скіроўваючы жанчын да клопату пра сваё цела[2] або хатнюю сферу, дзе яны «робяць свой унёсак у выхаванне наступнага пакалення і захаванне традыцый і маральных каштоўнасцяў».[3] Падчас выступу па нацыянальным тэлебачанні напрыканцы сакавіка ён фактычна параўнаў жанчын з быдлам, калі апісаў салоны прыгажосці як месцы, куды больш забяспечаныя жанчыны «ходзяць чысціць капыты».[4]

29 траўня у рамках кампаніі прэзідэнцкіх выбараў падчас свайго візіту на Мінскі трактарны завод Аляксандр Лукашэнка заявіў па тэлебачанні: «у нас Канстытуцыя не пад жанчыну [як прэзідэнта]. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай»[5]. 20 чэрвеня ў відавочнай спробе выправіць сітуацыю ён пракаментаваў на нацыянальным тэлебачанні, што яго словы былі вырваныя з кантэксту, і зрабіў яшчэ адну прыніжальную заўвагу: «У нас Канстытуцыя такая, што нават мужыку складана несці гэты цяжар [прэзідэнцтва]. А калі яго навесіць на жанчыну, яна рухне, небарака»[6].

На фоне такіх жанчынаненавісніцкіх выказванняў кіраўніка дзяржавы, шырока трансляваных праз кантраляванае дзяржавай нацыянальнае тэлебачанне, улады праводзяць кампаніі паклёпу і запалохвання палітычна актыўных жанчын і жанчын-партнёраў палітычных актывістаў. Гэтыя напады прымаюць розныя формы, уключна з адкрытымі ці ананімнымі паведамленнямі, якія змяшчаюць пагрозы сексуальнага гвалту або сур’ёзных наступстваў у дачыненні да членаў сям’і, у прыватнасці пагрозы таго, што сацыяльныя службы могуць адабраць іх дзяцей пад апеку дзяржавы.

Ананімная пагроза жанчыне-кандыдату ў прэзідэнты

16 чэрвеня кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская паведаміла незалежнаму СМІ TUT.BY, што яна атрымала пагрозы ад невядомага мужчыны, які патрабаваў, каб яна знялася з прэзідэнцкай гонкі[7].

Муж Святланы Ціханоўскай — зняволены палітычны актывіст і папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі (прызнаны Міжнароднай амністыяй вязнем сумлення), які меў намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах. Ён быў арыштаваны 6 траўня да таго, як змог зарэгістраваць сваю кандыдатуру, і змешчаны пад варту для адбыцця 15-дзённага тэрміну пакарання за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў снежні 2019 года. Ён быў ненадоўга вызвалены, а 29 траўня зноў арыштаваны на падставе сфабрыкаванага крымінальнага абвінавачвання[8].

Пасля яго першага арышту Святлана Ціханоўская вылучыла сваю кандыдатуру на выбарах. Яна атрымала значную падтрымку па ўсёй краіне і сабрала больш за 100 000 подпісаў, неабходных для афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам ў прэзідэнты. Яна знаходзілася ў горадзе Гомелі, здаючы сабраныя ў яе падтрымку подпісы ў раённую выбарчую камісію, калі ёй патэлефанаваў незнаёмы мужчына з замежнага нумара[9]. Выглядала, што ён ведаў, дзе яна знаходзілася ў той момант і што рабіла. Ён пагражаў ёй арыштам і крымінальным пераследам, а таксама тым, што яе дзеці будуць забраныя пад апеку дзяржавы, калі яна неадкладна не спыніць сваю перадвыбарчую паездку. Улічваючы, што яе муж ужо быў адвольна арыштаваны разам з дзевяццю іншымі прыхільнікамі, пагроза выглядала цалкам праўдападобнай. Са слоў Святланы Ціханоўскай, яна не бачыла сэнсу падаваць афіцыйную скаргу на гэты інцыдэнт і, улічваючы рэалістычны і абуральны характар пагрозы ў дачыненні да яе дзяцей, падумвала пра тое, каб кінуць гонку – але ў выніку засталася.

Пагрозы адабраць дзяцей пад апеку дзяржавы

Пагроза адабраць дзяцей у жанчын-палітычных актывістак з сямейнага дома і змясціць іх пад дзяржаўную апеку не з’яўляецца новай з’явай у Беларусі. Міжнародная амністыя фіксавала падобныя пагрозы з боку афіцыйных асоб у адрас палітычна актыўных жанчын у мінулым — напрыклад, Ларыса Шчыракова, незалежная журналістка з Гомля, у 2017 годзе стала аб’ектам такім пагрозаў за асвятленне антыўрадавых пратэстаў[10]. У той час як званок, атрыманы Святланай Ціханоўскай, быў ананімным, пагроза адабраць дзяцей была адкрыта выкарыстаная ўладамі ў кантэксце маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў.

Прававой асновай для пагроз уладаў адабраць дзяцей з’яўляецца Дэкрэт №18[11]. Дэкрэт вызначае «меры па абароне дзяцей у праблемных сем’ях» і надзяляе органы ўлады паўнамоцтвамі забіраць дзяцей і аддаваць іх пад апеку дзяржавы, калі бацькі або самотны адзін з бацькоў «вядуць амаральны лад жыцця, што чыніць шкоднае ўздзеянне на дзіця,  з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі, або іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні сваіх дзяцей, у сувязі з чым яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы»[12].

Ёсць шматлікія сведчанні, у прыватнасці, ад беларускай грамадскай арганізацыі «Наш Дом», пра тое,  што Дэкрэт быў накіраваны супраць палітычных актывістаў, асабліва жанчын, з мэтай перашкодзіць іх удзелу ў палітычным жыцці або адахвоціць ад выказвання грамадскага пратэсту і іншадумства.

Муж Віталіі Навумік, Уладзімір Навумік — актывіст з Гродна і член групы падтрымкі Святланы Ціханоўскай — быў арыштаваны ў рамках крымінальнай справы супраць Сяргея Ціханоўскага. Паводле Віталіі Навумік, 17 чэрвеня 2020 года, пасля арышту яе мужа, яе наведала загадчыца дзіцячага садка ў суправаджэнні іх пяцігадовай дачкі, а таксама двух чыноўнікаў з органаў адукацыі. Віталіі паведамілі, што яны прыходзілі ў сямʼю праверыць умовы жыцця дзіцяці на падставе дэкрэту № 18 і на падставе ліста з РАУС,  паводле якога нібыта падчас ператрусу ў пакоі Уладзіміра Навуміка там былі заўважаныя кепскія жыллёвыя ўмовамі. Віталія Навумік падзялілася сваім страхам страціць дачку ў інтэрв’ю  Радыё Свабода:

Паводле міліцыі, у нашым блоку ў інтэрнаце не было парадку, валяліся пустыя бутэлькі ад алкаголю, недакуркі цыгарэт. Але гэта было няпраўдай, і відэа, зробленае падчас ператрусу, можа гэта даказаць. Але яго ніхто не выкарыстоўваў у якасці доказа. Замест гэтага яны даслалі групу інспектараў з дзіцячага садку і пагражалі адабраць маё дзіця.[13]

Пасля першай праверкі было ўстаноўлена, што падставаў для адабрання дзіцяці з сям’і не было. Але пагроза гэтага ўсё яшчэ застаецца, патлумачыла для Міжнароднай амністыі Віталія Навумік:

Калі падчас праверкі мне сказалі, што маю дачку могуць забраць, я так спалохалася, што нават не ведала, што сказаць і як рэагаваць. Я проста стаяла перад імі, занадта шакаваная, каб нешта казаць. Але як толькі праверка зышла, я сабралася з сіламі і пачала абтэлефаноўваць усіх, у тым ліку журналістаў. Мая гісторыя стала вядомай, яна знайшла водгук у людзей, і, магчыма, менавіта таму нас у рэшце рэштаў пакінулі ў спакоі. Але нават цяпер, згадваючы гэта, я тут жа пачынаю плакаць. Гэты страх ніколі не знікне. Навошта яны ўцягнулі ў гэта маё дзіця?

Масавыя арышты і пакаранні ў дачыненні да жанчын-удзельніц мірных пратэстаў

Сотні мірных дэманстрантаў былі адвольна затрыманыя на вуліцах Беларусі з тых часоў, як распачаліся пратэсты супраць рэпрэсіяў уладаў у дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў і іх паплечнікаў. Многія з іх былі затрыманыя невядомымі мужчынамі ў цывільным, як мяркуецца міліцыянерамі або іншымі супрацоўнікамі органаў бяспекі. Міліцыя ў многіх выпадках ўжывала празмерную сілу,[14] а многія з затрыманых — жанчыны.

Заканадаўства Беларусі, якое вызначае пакаранне за адміністрацыйныя правапарушэнні, у прыватнасці за ўдзел у «несанкцыянаваных» вулічных сходах (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), дыскрымінуе мужчын стасоўна жанчын з дзецьмі. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях , пакаранне ў выглядзе «адміністрацыйнага арышту» не можа быць ужытае да жанчыны, якая мае дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (або да мужчыны, але толькі калі ён з’яўляецца бацькам-адзіночкай)[15]. Такі арышт звычайна доўжыцца ад пяці да 15 дзён, але 15-дзённы тэрмін можа прымяняцца паслядоўна некалькі разоў за меркаваныя шматлікія злачынствы. Так, на момант напісання дадзенага прэс-рэлізу, вядомы палітычны актывіст, вязень сумлення Павел Севярынец адбывае ў агульнай складанасці 75 сутак арышту за ўдзел у некалькіх мірных акцыях пратэсту[16].

У тых выпадках, калі арыштаваным пратэстоўцам з’яўляецца жанчына, якая не мае дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, пакаранне ў выглядзе «адміністрацыйнага арышту» можа прымяняцца, у тым ліку некалькі разоў запар. Так, палітычная актывістка Вольга Мікалайчык атрымала ў агульнай складанасці 58 суткі «адміністрацыйнага арышту» за сваю дзейнасць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вольгу Мікалайчык утрымлівалі ў дрэнных умовах і не дазвалялі нават самыя элементарныя прадметы асабістай гігіены, такія як гігіенічныя сурвэткі. Больш за тое, падчас утрымання пад вартай у Вольгі Мікалаевіч развіліся вострыя сімптомы, якія адпавядаюць сімптомам Covid-19, але ёй не аказалі медыцынскай дапамогі. Нечакана і, верагодна, у адказ на ціск грамадскасці, Вольга Мікалайчык была вызваленая 7 ліпеня без якіх-небудзь тлумачэнняў пасля адбыцця 30-дзённага тэрміну зняволення. Яна можа быць паўторна арыштаваная ў любы час, каб адбыць 28 дзён, што засталіся.

Хоць некаторыя жанчыны-актывісткі з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў былі вызваленыя ад «адміністрацыйнага арышту», яны былі абкладзеныя відавочна непрапарцыйна вялікімі штрафамі. Штрафы звычайна складаюць ад 50 да 600 еўра, што для многіх беларусаў з’яўляецца значнай сумай. Паводле дадзеных «Нашага Дому», па стане на 16 чэрвеня 2020 года дзясяткі жанчын былі аштрафаваныя ў агульнай складанасці амаль на 13.000 долараў ЗША за удзел ў перадвыбарных акцыях пратэсту, або траціну ад агульнай колькасці ўсіх штрафаў за гэты перыяд, гэта значыць, што яны атрымліваюць у сярэднім больш буйныя штрафы.

Існуюць выключэнні адносна таго, як улады ўжываюць згаданае правіла ў адносінах да жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Так, актывістка Алена Лазарчык была арыштаваная 5 чэрвеня ў Мінску  і асуджаная да 12 сутак «адміністрацыйнага арышту». Паводле «Наша дому», яе шасцігадовае дзіця фактычна засталося без бацькоўскага нагляду, паколькі бацька дзіцяці быў арыштаваны надоечы[17]. Суседзі клапаціліся пра дзіця, пакуль абодва бацькі знаходзіліся пад вартай, каб пазбегнуць адабрання дзіцяці пад дзяржаўную апеку на падставе Дэкрэта №18. Дзіця прабыло ў суседзяў тры дні, пакуль Алену не адпусцілі.

«Мы можам згвалціць вас і вы не зможаце гэта даказаць»

У Гомлі актывістка Віялета, якая збірала подпісы за Святлану Ціханоўскую, была дастаўленая ў аддзяленне міліцыі, калі яе партнёра Дзмітрыя Лукомскага звольнілі з працы за яго грамадскую дзейнасць. Яе дапытвалі без усялякага законнага прадстаўніка і пагражалі згвалтаваннем. У сваёй размове для Міжнароднай амністыі Віялета патлумачыла:

Яны спыталі мяне, чаму я спрабавала здымаць на відэа, калі яны наведвалі мой дом і сачылі за мной, на што я адказала, што хацела абараніць сябе. Тады адзін з іх сказаў: «ну, прама зараз вы нас не здымаеце на відэа, і мы ўсе можам згвалціць вас і вы не зможаце гэта даказаць».

Пагроза згвалтавання ўяўляе сабой сексуальны гвалт і з’яўляецца адной з формаў гвалту ў адносінах да жанчын і гвалтам па прыкмеце полу.

Міжнародная амністыя заклікае ўлады Беларусі:

●      неадкладна спыніць усе рэпрэсіі ў адносінах да жанчын-актывістак і пакласці канец практыцы пераследу жанчын-актывістак з дапамогай запалохвання і пагроз гвалту па прыкмеце полу;

●      публічна і недвухсэнсоўна асудзіць напады, пагрозы і запалохванне ў дачыненні да ўсіх жанчын-актывістак без якой-небудзь дыскрымінацыі і ўстрымлівацца ад выкарыстання фармулёвак, якія стыгматызуюць, абражаюць, зневажаюць або дыскрымінуюць іх;

●      неадкладна і рэальна расследаваць усе паведамленні пра выпадкі пагроз, гвалту і адвольных арыштаў жанчын, а таксама любых ахвяр такіх парушэнняў і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых;

●      неадкладна і безумоўна вызваліць любую асобу, пазбаўленую волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, уключаючы жанчын і мужчын, якія адбываюць «адміністрацыйнае арышт» за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, паколькі ўсе яны з’яўляюцца вязнямі сумлення; і

●      неадкладна спыніць практыку пераследу і запалохвання палітычна актыўных жанчын на падставе Дэкрэта №18.

Жанчыны і іншыя ахвяры парушэнняў правоў чалавека павінны мець доступ да сродкаў юрыдычнай абароны ў выпадку парушэнняў, аб’ектам якіх яны сталі. Беларусь павінна ў поўнай меры выконваць усе абавязальніцтвы краіны па міжнародным праве правоў чалавека, у тым ліку паважаць, абараняць і забяспечваць рэалізацыю правоў чалавека кожнай асобы ў краіне, незалежна ад полу, палітычных перакананняў або прыналежнасці.


[1] Караліна Крыада Перэс. Нябачныя жанчыны, 2019, XIII.

[2] https://belsat.eu/ru/programs/pochemu-lukashenko-obvinyayut-v-seksizme/

[3] https://news.tut.by/society/487421.html

[4] https://fraza.com/video/277562-lukashenko_sravnil_belorusskih_zhenschin_so_skotom

[5] https://nn.by/?c=ar&i=252664&lang=ru

[6] https://belaruspartisan.by/politic/503958 / і https://news.tut.by/economics/689625.html

[7] https://news.tut.by/elections/688946.html

[8] Больш падрабязна, гл.: https://www.amnesty.org/download/Documents/EUR4926202020ENGLISH.pdf

[9] Больш падрабязна, гл.:  https://news.tut.by/elections/688946.html

[10] https://www.amnesty.org/en/documents/eur49/6024/2017/en/

[11] https://www.tammby.narod.ru/belarus/belarus-zakon_D18.htm

[12] https://www.tammby.narod.ru/belarus/belarus-zakon_D18.htm (Параграф 1)

[13] https://www.youtube.com/watch?v=ByjKMAjyx3s&t=85s&fbclid=IwAR0f4w7tnpL9gEAb1sRADtDe_h3ogkp4iWi6X6PO5QLuujUqnBCqKRFmXnA

[14] Больш падрабязна, гл.: https://www.amnesty.org/download/Documents/EUR4926202020ENGLISH.pdf

[15] Частка 2 артыкула 6.7 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

[16] https://www.amnesty.org/en/documents/eur49/2639/2020/en/

[17] https://nash-dom.info/60852?fbclid=IwAR2FJImLl61j7Mr4wfQ3robwI_5wcoS9KRRoj1j6cKv9kvG7LHI_za6ZHxY