Amnesty International смертная казнь

Смяротнае пакаранне 2021. Рост колькасці санкцыянаваных дзяржавай забойстваў звязаны з рэзкім павелічэннем колькасці пакаранняў смерцю ў Іране і Саудаўскай Аравіі

  • У Іране зафіксаваная самая высокая колькасць пакаранняў смерцю з 2017 г.
  • Нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі, колькасць пакаранняў смерцю за 2021 г. зрабілася другім самым нізкім паказчыкам, зафіксаваным Amnesty International як мінімум з 2010 г.
  • Паслабленне каранавірусных абмежаванняў прывяло да росту колькасці зафіксаваных смяротных прысудаў
  • Вядома, што амаль 90 чалавек было асуджана на смерць ва ўмовах ваеннага становішча ў М’янме

У 2021 г. назіраўся трывожны рост колькасці пакаранняў смерцю і смяротных прысудаў, бо некаторыя з краін, дзе пакаранне смерцю практыкуецца найбольш, вярнуліся да свайго звычайнага рэжыму, а суды былі вызваленыя ад каранавірусных абмежаванняў, заявіла сёння Amnesty International у сваім штогадовым дакладзе аб смяротным пакаранні.

Вядома, што летась у 18 краінах было праведзена як мінімум 579 пакаранняў смерцю, што на 20% больш, чым было зафіксавана ў 2020 г. Найбольшая доля росту прыйшлася на Іран, дзе смерцю пакаралі як мінімум 314 чалавек (у параўнанні з як мінімум 246 у 2020 г.), і гэта самы высокі паказчык з 2017 г. Часткова гэта тлумачыцца прыкметным ростам колькасці пакаранняў смерцю за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, і гэта абуральнае парушэнне міжнароднага права, якое забараняе караць смерцю за злачынствы, не звязаныя з наўмысным забойствам. У той жа час у Саудаўскай Аравіі больш, чым удвая павялічылася колькасць пакаранняў смерцю, і гэтая сумная тэндэнцыя працягнулася ў 2022 г., калі за адзін дзень у сакавіку пакаралі смерцю 81 чалавек.

«Пасля зніжэння колькасці пакаранняў смерцю ў 2020 г. летась Іран і Саудаўскай Аравія зноў пашырылі прымяненне смяротнага пакарання, у тым ліку бессаромна парушаючы забароны, усталяваныя міжнародным правам у галіне правоў чалавека. Іх імкненне прымусіць катаў працаваць не слабее і ў першыя месяцы 2022 года», – заявіла генеральны сакратар Amnesty International Аньес Каламар.

Пасля зніжэння колькасці пакаранняў смерцю ў 2020 г. летась Іран і Саудаўскай Аравія зноў пашырылі прымяненне смяротнага пакарання

Аньес Каламар, генеральны сакратар Amnesty International

Паколькі ў многіх частках свету каранавірусныя абмежаванні, якія раней адтэрміноўвалі судовыя працэсы, няўхільна адмяняліся, у 56 краінах суддзі вынеслі як мінімум 2052 смяротныя прысуды – амаль на 40% больш, чым у 2020 г. – прычым вялікі рост назіраўся ў такіх краінах, як Бангладэш (як мінімум 181, у параўнанні з як мінімум 113), Індыя (144, у параўнанні з 77) і Пакістан (як мінімум 129, у параўнанні з як мінімум 49).

«Замест таго, каб скарыстаць магчымасці, якія з’явіліся дзякуючы перапынкам у 2020 г., меншасць дзяржаў з трывожным энтузіязмам аддавала перавагу смяротнаму пакаранню, а не спрабавала эфектыўна вырашаць праблемы злачыннасці, бяздушна грэбуючы правам на жыццё нават ва ўмовах надзвычайных і няспынных глабальных крызісаў у галіне правоў чалавека», – заявіла Аньес Каламар.

Нягледзячы на гэтыя праблемы, агульная колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю ў 2021 г. зрабілася другім самым нізкім паказчыкам пасля 2020 г., зафіксаваным Amnesty International як мінімум з 2010 г. 

Агульная колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю ў 2021 г. зрабілася другім самым нізкім паказчыкам пасля 2020 г., зафіксаваным Amnesty International як мінімум з 2010

Як і ў папярэднія гады, у выніковыя дадзеныя аб зафіксаваных смяротных прысудах і пакараннях смерцю не ўключаныя тысячы чалавек, якія, як мяркуе Amnesty International, былі асуджаныя і пакараныя смерцю ў Кітаі, а таксама вялікая колькасць пакаранняў смерцю, якія, як мяркуецца, мелі месца ў Паўночнай Карэі і В’етнаме. Дзяржаўная практыка сакрэтнасці і абмежаваны доступ да інфармацыі ў трох гэтых краінах зрабілі немагчымым дакладны маніторынг пакаранняў смерцю, у той час як у шэрагу іншых краін зафіксаваныя выніковыя паказчыкі мусяць разглядацца як мінімальныя.

«Кітай, Паўночная Карэя і В’етнам працягваюць хаваць сваё прымяненне смяротнага пакарання за сцяной сакрэтнасці, але, як заўсёды, нават тое нешматлікае, што мы бачылі, выклікае вялікую трывогу», – заявіла Аньес Каламар.

Кітай, Паўночная Карэя і В’етнам працягваюць хаваць сваё прымяненне смяротнага пакарання за сцяной сакрэтнасці

Аньес Каламар, генеральны сакратар Amnesty International

⁠У Іране застаецца абавязковым смяротнае пакаранне за захоўванне пэўных відаў і аб’ёмаў наркотыкаў, прычым колькасць зафіксаваных пакаранняў смерцю за звязаныя з наркотыкамі злачынствы вырасла больш, чым у пяць разоў да 132 у 2021 г. з 23 у папярэднім. Вядомая колькасць пакараных смерцю жанчын таксама вырасла з 9 да 14, і іранскія ўлады працягнулі свой агідны наступ на правы дзяцей, пакараўшы смерцю траіх чалавек, якім на момант здзяйснення злачынства не было 18 гадоў, насуперак сваім абавязацельствам паводле міжнароднага права.

Разам з ростам колькасці пакаранняў смерцю, які назіраўся ў Саудаўскай Аравіі (65 у параўнанні з 27 у 2020 г.), значнае павелічэнне іх колькасці ў параўнанні з 2020 годам назіралася ў Самалі (як мінімум 21, у параўнанні з як мінімум 11), Паўднёвым Судане (як мінімум 9, у параўнанні з як мінімум 2) і Емене (як мінімум 14, у параўнанні з як мінімум 5). Беларусь (як мінімум 1), Японія (3) і ААЭ (як мінімум 1) таксама праводзілі пакаранні смерцю, чаго не было ў 2020 г.

Значнае павелічэнне смяротных прысудаў у параўнанні з 2020 г. зафіксаванае ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (як мінімум 81, у параўнанні з як мінімум 20), Егіпце (як мінімум 356, у параўнанні з як мінімум 264), Іраку (як мінімум 91, у параўнанні з як мінімум 27), М’янме (як мінімум 86, у параўнанні з як мінімум 1), В’етнаме (як мінімум 119, у параўнанні з як мінімум 54) і Емене (як мінімум 298, у параўнанні з як мінімум 269).

Смяротнае пакаранне як інструмент дзяржаўных рэпрэсій

У 2021 г. у некалькіх краінах смяротнае пакаранне выкарыстоўвалася як інструмент дзяржаўных рэпрэсій супраць меншасцяў і пратэстоўцаў, пры гэтым урады дарэшты грэбавалі гарантыямі і абмежаваннямі на прымяненне смяротнага пакарання, усталяванымі міжнародным правам і стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Трывожны рост прымянення смяротнага пакарання ва ўмовах ваеннага становішча быў зафіксаваны ў М’янме, дзе вайскоўцы перадалі паўнамоцтвы па разглядзе цывільных спраў ваенным трыбуналам, якія праводзілі спрошчаныя разгляды без права на апеляцыю. Каля 90 чалавек былі адвольна асуджаныя на смерць, некаторыя – завочна, у межах кампаніі, якая была шырока ўспрынятая як мэтанакіраваны пераслед пратэстоўцаў і журналістаў.

Трывожны рост прымянення смяротнага пакарання ва ўмовах ваеннага становішча быў зафіксаваны ў М’янме, дзе вайскоўцы перадалі паўнамоцтвы па разглядзе цывільных спраў ваенным трыбуналам

Улады Егіпта працягнулі звяртацца да катаванняў і масавых пакаранняў смерцю, часта пасля несправядлівых судовых разглядаў у надзвычайных судах дзяржаўнай бяспекі, а ў Іране смяротныя прысуды непрапарцыйна выносіліся прадстаўнікам этнічных меншасцяў паводле цьмяных абвінавачанняў, такіх, як «варожасць супраць Бога». Як мінімум 19% зафіксаваных пакаранняў смерцю (61) тычылася этнічнай меншасці белуджаў, якое складае толькі 5% насельніцтва Ірана.

Сярод ахвяр глыбока заганнай сістэмы правасуддзя Саудаўскай Аравіі быў Мустафа аль-Дарвіш, юнак з Саудаўскай Аравіі, прадстаўнік шыіцкай меншасці, абвінавачаны ва ўдзеле ў гвалтоўных антыўрадавых пратэстах. Яго пакаралі смерцю 15 чэрвеня пасля надзвычай несправядлівага судовага разбору, які абапіраўся на атрыманыя пад катаваннямі «прызнанні».

Станоўчыя прыкметы адмены ў свеце смяротнага пакарання

Нягледзячы на гэтыя трывожныя падзеі, станоўчыя прыкметы сусветнай тэндэнцыі да адмены смяротнага пакарання захоўваліся на працягу ўсяго 2021 г. Другі год запар колькасць краін, у якіх, як вядома, каралі смерцю людзей, была самай нізкай з таго часу, як Amnesty International пачала весці ўлік.

У Сьера-Леонэ ў ліпені парламент аднагалосна прыняў закон, які адмяняе смяротнае пакаранне за ўсе злачынствы, хаця ён яшчэ не ўступіў у сілу. У снежні Казахстан прыняў закон аб адмене смяротнага пакарання за ўсе злачынствы, які ўступіў у сілу ў студзені 2022 г. Урад Папуа – Новай Гвінеі пачаў нацыянальныя кансультацыі па пытанні смяротнага пакарання, у выніку чаго ў студзені 2022 г. быў прыняты закон аб адмене смяротнага пакарання, які яшчэ не ўступіў у сілу. У канцы года ўрад Малайзіі абвясціў, што ў трэцім квартале 2022 г. вынесе на абмеркаванне заканадаўчыя рэформы адносна смяротнага пакарання. А ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Гане заканадаўцы пачалі працэс па адмене смяротнага пакарання, якія дагэтуль працягваецца.

У ЗША Вірджынія зрабілася 23-м штатам увогуле і першым паўднёвым штатам, які адмяніў смяротнае пакаранне, а ў Агая трэці год запар адкладаюць або прыпыняюць правядзенне ўсіх прызначаных пакаранняў смерцю. У ліпені новая адміністрацыя ЗША таксама ўвяла часовы мараторый на выкананне смяротных прысудаў, вынесеных федэральнымі судамі. 2021 год вызначаецца самай нізкай колькасцю пакаранняў смерцю ў ЗША з 1988 г.

Гамбія, Казахстан, Малайзія, Расійская Федэрацыя і Таджыкістан захоўваюць дзяржаўны мараторый на смяротнае пакаранне.

Гамбія, Казахстан, Малайзія, Расійская Федэрацыя і Таджыкістан захоўваюць дзяржаўны мараторый на смяротнае пакаранне.

«Тая меншасць краін, дзе яшчэ захоўваецца смяротнае пакаранне, мусіць зразумець: свет без санкцыянаваных дзяржавай забойстваў можна не толькі ўявіць – ён цалкам дасягальны, і мы працягнем за яго змагацца. Мы працягнем выкрываць уласцівыя гэтаму пакаранню самавольства, дыскрымінацыю і жорсткасць, каб ніхто не застаўся ў яго цені. Самы час зрабіць у найвышэйшай ступені жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое прыніжае чалавечую годнасць, не больш як радком у падручніку па гісторыі», – заявіла Аньес Каламар.


Агульная колькасць пакаранняў смерцю, зафіксаваных за 2021 г., з’яўляецца другім самым нізкім паказчыкам пасля 2020 г., зафіксаваны Amnesty International як мінімум з 2010 г. Паказчыкі 2021 г. – адны з самых нізкіх, зафіксаваных  Amnesty International за любы канкрэтны год з таго часу, як у 1979 г. яна пачала маніторынг прымянення смяротнага пакарання. Аднак змены ў доступе да інфармацыі, канфігурацыі краін і метадалогіі, якія адбыліся на працягу дзесяцігоддзяў, ускладняюць дакладнае параўнанне гэтага паказчыка з іншымі за даўжэйшы перыяд.