БЕЛАРУСЬ

🠔 НАЗАД

Улады працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі і выкарыстоўвалі судовую сістэму, каб караць за мірнае іншадумства. Інтэнсіфікаваўся пераслед незалежных СМІ і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання працягвалі шырока ўжывацца, а іх выканаўцы маглі разлічваць на беспакаранасць. Шырока практыкавалася гвалтоўнае знікненне зняволеных. ЛГБТ-супольнасць па-ранейшаму сутыкалася з пераследам. Бежанцаў і мігрантаў падштурхоўвалі да перасячэння межаў з ЕС. Кліматычная палітыка ўладаў заставалася недастатковай.

Для даведкі

Знаходзячыся ў асноўным у міжнароднай ізаляцыі, Беларусь працягвала эканамічнае, палітычнае, дыпламатычнае і ваеннае ўзаемадзеянне з Расіяй. Працягвалася рыторыка пра знешнія пагрозы з боку суседніх дзяржаваў-чальцоў ЕС і Украіны, а ўзброеныя сілы Беларусі праводзілі дзейнасць, публічнай мэтай якіх з’яўлялася падрыхтоўка да ваеннай канфрантацыі.

У кастрычніку Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі заявіў, што ўзаемадзеянне краіны з сістэмай ААН па правах чалавека «дасягнула найніжэйшай гістарычнай кропкі».

Свабода выказвання меркаванняў, аб’яднанняў і сходаў

Свабода выказвання меркаванняў заставалася строга абмежаванай. Працягваў расці афіцыйны спіс інтэрнэт-, друкаваных і інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных уладамі як матэрыялы, што змяшчаюць «экстрэмісцкі змест». Кожны месяц сотні асобаў адвольна дадавалі ў «Пералік грамадзянаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», які налічваў 4707 чалавек па стане на снежань.

Па стане на канец года за сваю прафесійную дзейнасць у зняволенні знаходзіліся 45 супрацоўнікаў медыя.

Інтэнсіфікаваўся ўціск арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежных НДА, прафсаюзаў і этнічных і рэлігійных суполак. Прынамсі 329 арганізацыяў былі ліквідаваныя або знаходзіліся ў працэсе ліквідацыі ў 2024 годзе.

Грамадская актывістка і асоба-сімвал пратэстаў 2020 года, 73-гадовая Ніна Багінская была адвольна затрыманая ў кастрычніку за тое, што ішла з плакатам «БНФ» — беспадстаўна забароненай палітычнай партыі. Міліцыянты пратрымалі яе ў кайданках тры гадзіны, а потым адпусцілі да суда.

🠕 УВЕРХ

Свабода рэлігіі і перакананняў

Рэлігійныя арганізацыі і святары, няўгодныя для ўладаў, сутыкаліся з абвінавачваннямі ў стварэнні або распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, што вяло да забароны і блакавання анлайн-матэрыялаў і профіляў у сацыяльных сетках, адвольных затрыманняў і арыштаў.

У траўні рымска-каталіцкі святар Андрэй Юхневіч быў затрыманы за выяву ўкраінскага сцяга на сваім акаўнце ў сацыяльных сетках. Пазней яго абвінавацілі ў сексуальным гвалце над няпоўнагадовымі і пакінулі пад вартай.

Адвольныя арышты і затрыманні

Улады вызвалілі дзясяткі зняволеных, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, пры ўмове неразгалошвання інфармацыі і пасля таго, як прымусілі іх напісаць просьбы пра памілаванне. Іх імёны не паведамляліся.

У той жа час, арышты і пераслед іншадумцаў заставаліся шырока распаўсюджанымі, галоўным чынам яны тычыліся ўдзельнікаў і прыхільнікаў мірных масавых пратэстаў 2020 году; пераследу таксама падлягалі чальцы іхных сем’яў. У студзені міліцыя правяла ператрусы па месцы жыхарства каля 160 асобаў, у асноўным сваякоў несправядліва зняволеных пратэстоўцаў. Некаторых з іх ненадоўга затрымлівалі і дапытвалі.

Па стане на снежань, 1265 асобаў знаходзіліся ў зняволенні паводле палітычна матываваных абвінавачванняў і каля 3000 былі вызваленыя пасля поўнага адбыцця пакарання, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна». Таксама, паводле дадзеных «Вясны», у 2024 годзе па вяртанні з выгнання ў Беларусь былі затрыманымі не менш за 55 асобаў. Некаторыя былі пакараныя паводле адміністрацыйных артыкулаў, а 17 прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за ахвяраванні на карысць ахвяраў парушэнняў правоў чалавека.

Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання

Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання працягвалі шырока практыкавацца, а іх выканаўцы маглі разлічваць на поўную беспакаранасць. Асобы, асуджаныя паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, падлягалі больш жорсткаму абыходжанню ў зняволенні, іх турэмная вопратка змяшчае жоўтыя біркі. Некалькім вядомым палітзняволеным адмаўлялі ў кантакце са знешнім светам, іх часта змяшчалі ў штрафныя ізалятары на працяглыя перыяды і адмаўлялі ў аказанні належнай медыцынскай дапамогі.

Пяць ахвяраў палітычна матываванага пераследу сканалі ў зняволенні. Двое з іх, Вадзім Храсько і Ігар Леднік, мелі ранейшыя праблемы са здароўем, якія былі добра вядомыя ўладам.

🠕 УВЕРХ

Прымусовыя знікненні

На працягу года не было ніякіх вонкавых кантактаў і наўпроставых звестак пра Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыку і іншых вядомых палітзняволеных актывістаў, журналістаў і палітыкаў. На думку спецдакладчыка ААН па Беларусі, такія працяглыя перыяды ізаляцыі могуць прыроўнівацца да гвалтоўных знікненняў.

Больш за 600 дзён не было кантактаў са зняволенай лідаркай пратэстаў 2020 года Марыяй Калеснікавай, пакуль, у выніку міжнароднага ціску, яе бацьку не далі з ёй сустрэцца ў лістападзе.

Несправядлівыя судовыя разбіральніцтвы

Улады працягвалі выкарыстоўваць сістэмы правасуддзя, каб чыніць пераслед мірнага іншадумства, палюючы, сярод іншых, на палітычных апанентаў, праваабаронцаў, актывістаў і адвакатаў. Завочныя суды сталі звычайнай справай. У ліпені 20 выгнаных палітычных аналітыкаў і журналістаў, звязаных з лідаркай апазіцыі Святланай Ціханоўскай, былі асуджаныя на ад 10 да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі за злачынствы супраць дзяржавы і «экстрэмізм».

Правы ЛГБТІ-асобаў

У лютым генеральны пракурор прадставіў парламенту законапраект, які прапануе зрабіць адміністрацыйнымі правапарушэннямі «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў», у тым ліку «прапаганду ненармальных адносінаў, педафіліі і добраахвотнай адмовы ад нараджэння дзяцей».

У красавіку Міністэрства культуры абнавіла афіцыйнае вызначэнне парнаграфіі, дадаўшы «нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны і/або сексуальныя паводзіны» і ўдакладніўшы, што яна ахоплівае, сярод іншага, кансенсусныя аднаполыя і бісексуальныя адносіны.

ЛГБТІ-супольнасць працягвала падлягаць уціску, у тым ліку адвольным арыштам. НДА і СМІ паведамлялі, што толькі ў жніўні і верасні былі затрыманымі не менш за 30 ЛГБТІ-асобаў. Іх затрыманні былі ў асноўным за нібыта «дробнае хуліганства» і падпіску на «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама за «вытворчасць і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў» (крымінальнае злачынства, калі здзяйсняецца неаднаразова).

🠕 УВЕРХ

Правы дзяцей

Праваабарончыя арганізацыі ЗМІНА, Freedom House, BYPOL і «Вясна» паведамілі пра 2 219 выпадкаў гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, дзе яны паступалі ў мясцовыя навучальныя ўстановы і падлягалі індактрынацыі і прапагандзе.

Правы бежанцаў і мігрантаў

Улады працягвалі прымушаць бежанцаў і мігрантаў перасякаць межы Беларусі з ЕС. Паводле дадзеных няўрадавай арганізацыі Human Constanta, за тры гады да сакавіка 2024 года ў памежных раёнах паміж Беларуссю і ЕС у выніку неспрыяльных умоваў і меркаваных гвалтоўных вяртанняў назад загінулі прынамсі 116 мігрантаў і бежанцаў.

Смяротнае пакаранне

Новых пакаранняў смерцю не зафіксавана. Грамадзянін Германіі Рыка Крыгер быў абвінавачаны ў некалькіх злачынствах, у тым ліку шпіянажы і наёмніцтве, і асуджаны да смяротнага пакарання ў ліпені. Пазней ён быў памілаваны, а потым вызвалены 1 жніўня ў рамках абмену палоннымі, узгодненага паміж Расіяй і некалькімі заходнімі краінамі.и западными странами.

Права на здаровае навакольнае асяроддзе

Індэкс эфектыўнасці захадаў супраць змены клімату панізіў рэйтынг Беларусі да 47-га месца («сярод агульна нізкіх вынікаў»), падкрэсліваючы яе «вельмі нізкі рэйтынг у катэгорыях Аднаўляльныя крыніцы энергіі і Кліматычная палітыка«.

🠕 УВЕРХ