Массовые задержания в Беларуси Amnesty International.

Беларусь: Масавыя арышты падчас мірных сходаў парушалі правы пратэстоўцаў і правакавалі гвалт

Рэагуючы на ўчорашнія затрыманні больш за 200 пратэстоўцаў у сталіцы Беларусі Мінску і іншых гарадах краіны, Айша Юнг, каардынатарка Міжнароднай амністыі па Беларусі, заявіла: 

«Людзі, якія сабраліся выказаць сваю нязгоду з выдаленнем апазіцыйных палітыках са спісу кандыдатаў у прэзідэнты, маюць поўнае права выйсці на вуліцы. Мірны пратэст — гэта найважнейшы спосаб ажыццяўлення права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў.

«Пратэстоўцы сцвярджаюць, што адзіная прычына, па якой палітычныя апаненты Аляксандра Лукашэнкі былі выкрасленыя з перадвыбарнай кампаніі, заключаецца ў тым, што ён хоча забяспечыць сабе шосты тэрмін запар у якасці прэзідэнта, фактычна не маючы канкурэнтаў.

«Учора міліцыя імкнулася разагнаць мірныя сходы, ужываючы празмерную і непатрэбную сілу і, у многіх выпадках, задзейнічаючы супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Гэта выклікала бурную рэакцыю з боку некаторых пратэстоўцаў, якія спрабавалі перашкодзіць іншым быць арыштаванымі і збітымі, і стала прычынай эскалацыі напружанасці. Аднак, па сведчаннях відавочцаў і як бачна з шырока распаўсюджаных відэазапісаў,  сходы заставаліся ў асноўным мірнымі, а шмат хто з арыштаваных былі мірнымі пратэстоўцамі.

«Улады Беларусі павінны паважаць правы чалавека і не павінны разганяць і пераследваць людзей, якія адстойваюць свае правы і свой палітычны выбар. Любы асоба, затрыманая проста за мірны пратэст у Мінску ці іншых гарадах, з’яўляецца вязнем сумлення і павінна быць неадкладна і безумоўна вызваленай».

Кантэкст

14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі былі затрыманыя прынамсі 220 актывістаў, што сабраліся ў знак пратэсту супраць заявы Цэнтральнай выбарчай камісіі пра тое, што два асноўныя апазіцыйныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта на маючых адбыцца ў жніўні выбарах былі выключаныя з перадвыбарнай гонкі па вельмі спрэчных тэхнічных прычынах.

На думку назіральнікаў, праваахоўныя органы адмыслова палявалі сярод іншых і на журналістаў. Паведамлялася пра шматлікія выпадкі непатрэбнага і празмернага ўжывання сілы — супрацоўнікі спецназа і міліцыянты ў цывільным збівалі і штурхалі пратэстоўцаў кулакамі і дубінкамі. Некаторых затрыманых у Мінску прымушалі стаяць на каленях у міліцэйскіх фургонах.

У канцы траўня папулярны прэтэндэнт у кандыдаты Сяргей Ціханоўскі быў змешчаны пад варту відавочна дзеля таго, каб перашкодзіць яму балатавацца на выбарах. Пазней супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа, таксама крымінальныя справы былі ўзбуджаныя супраць Віктара Бабарыкі, яшчэ аднаго патэнцыйнага кандыдата, а таксама супраць дзясяткаў іх паплечнікаў, якія ўсе на цяперашні момант знаходзяцца пад вартай.