Сергей Тихановский на митинге в Барановичах, март 2020 г. Фото: Сергей Коршунов/tut.by

Як у Беларусі фабрыкавалі справу Сяргея Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Разбор Amnesty International

У Беларусі па меры набліжэння да даты прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ўлады працягваюць павялічваць рэпрэсіі супраць любых іншадумцаў. 30 ліпеня яны абвясцілі аб новым крымінальным расследаванні ў дачыненні да вядомага відэаблогера і апазіцыйнага палітыка Сяргея Ціханоўскага. Ён абвінавачваецца ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці, здзейсненае групай асоб або якое спрычынілася да смерці чалавека або іншых цяжкіх наступстваў» паводле часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі яго прызнаюць вінаватым, ён можа быць асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў. Дэталі абвінавачванняў трымаюцца ў сакрэце, але інфармацыя, якой валодае Міжнародная амністыя, паказвае на тое, што гэтыя абвінавачванні сфабрыкаваныя з адзінай мэтай — спыніць законную палітычную дзейнасць Ціханоўскага і яго жонкі Святланы. Гэтая справа з’яўляецца часткай больш маштабнай кампаніі, нацэленай на самога актывіста, яго прыхільнікаў, блогераў і крытыкаў улады.

Першая справа ў рамках гэтай кампаніі была ўзбуджаная паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса: «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак і спрычынілася да відавочнага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў або арганізацыяў, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях». Становіцца ўсё больш відавочным, што гэта справа была сфабрыкаваная ўладамі для таго, каб іх найбольш вядомыя крытыкі і праціўнікі былі ізаляваныя, разам са сваімі прыхільнікамі. З іншага боку, сам характар празмерна шырокіх і расплывістых абвінавачванняў, якія выкарыстоўваюцца ў гэтых справах, дазваляе ўладам патэнцыйна выстаўляць падобныя абвінавачванні супраць любога палітычнага апанента, таму спіс меркаваных падазраваных, якія былі ўзятыя пад варту, расце.

Пасля таго, як Міжнародная амністыя ўпершыню пракаментавала дадзеную справу ў сваёй заяве “Беларусь: рост уціску правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў», дзесяць асобаў былі названыя падазронымі ў крымінальным злачынстве па гэтай справе і змешчаныя пад варту. На дадзены момант спіс складаецца прынамсі з 15 вязняў сумлення — гэта значыць асобаў, пазбаўленых волі выключна за спробу мірнага ажыццяўлення сваіх правоў чалавека. Гэта Аляксандр Арановіч, Дзмітрый Фурманаў, Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Казлоў, Уладзімір Кніга, Ігар Лосік, Андрэй Новікаў, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Яўген Разнічэнка, Арцём Сакаў, Сяргей Спарыш, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Уладзімір Цыгановіч. Яшчэ трое актывістаў — Васіль Баброўскі, Уладзімір Навумік і Вяргілій Ушак — былі вызваленыя, але абвінавачванні з іх не знятыя.

Любая іншая асоба, якая можа быць арыштаваная ў якасці чарговага падазраванага па гэтай справе і якая гэтак жа не здзяйсняла якога-небудзь міжнародна прызнанага крымінальнага злачынства, будзе разглядацца Міжнароднай амністыяй як вязень сумлення.

Ніжэй прыводзіцца кароткая гісторыя гэтай справы разам з апісаннем кантэксту.

Дзіўныя публічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі

Раніцай 29 траўня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскі трактарны завод. Падчас размовы перад тэлекамерамі з работнікамі заводу ён абвінаваціў неназванага «інтэрнэт-апазицыянера» ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Характэрна, што ні аб якім падобным інцыдэнце не паведамлялася ні ў той дзень, ні напярэдадні гэтай заявы:

Мне далажыла прэс-сакратар: міліцыянта абразіў, наехаў на міліцыянта, калі ён зрабіў заўвагу … Яны ж прыязджаюць, такія, ведаеце, крутыя, на джыпах усе, па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі там па плошчах, па вуліцах… На яго, на гэтага пацанёнка наваліліся! Міліцыянт, ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця.  Што ты на яго накатваеш?»

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі выклікалі беспрэцэдэнтную цікавасць да палітыкі, і ў выніку сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы, каб пакінуць свае подпісы ў падтрымку апазіцыйных вылучэнцаў у кандыдатаў — як правіла, у кіламетровых, добра арганізаваных чэргах і захоўваючы сацыяльную дыстанцыю перад тварам эпідэміі COVID-19 і заўсёды мірна. Да таго моманту, пакуль не была зробленай вышэйзгаданая заява, не было ніякіх паведамленняў аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас якойсьці падобнай акцыі. Праз некалькі гадзін усё змянілася.

Інцыдэнт у Гродне 29 траўня

Увечары таго ж дня, а 5 гадзіне вечару 29 траўня, вядомы беларускі блогер Сяргей Ціханоўскі прыбыў у Гродна, горад у 250 км на захад ад сталіцы Беларусі Мінска. Разам з сваімі прыхільнікамі яны ўсталявалі на Савецкай плошчы ў цэнтры гораду стэнд для збору подпісаў у падтрымку яго жонкі, кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай (беларускае заканадаўства патрабуе, каб кожны вылучэнец у прэзідэнты сабраў не менш за 100 000 подпісаў у сваю падтрымку, каб быць зарэгістраваным у якасці кандыдата). У мерапрыемстве ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, і яно было цалкам мірным.

Прыкладна праз тры гадзіны да Ціханоўскага падышла жанчына і пачала задаваць правакацыйныя пытанні пра яго жонку. Тое, што адбылося пасля, было добра задакументавана, уключаючы шырока даступныя відэа-здымкі. У адказ Ціханоўскі адышоў, каб не ўступаць у дыскусію. Жанчына пачала пераследаваць яго, паводзячы сябе ўсё больш агрэсіўна, неаднаразова хапаючы блогера за рукаў і патрабуючы адказаў на свае пытанні. Ціханоўскі адказаў, што лічыць гэта правакацыяй, і папрасіў яе пакінуць яго ў спакоі і не чапаць. Але гэта не дапамагло.

Праз восем хвілін на месцы здарэння з’явіліся двое міліцыянтаў у форме і падышлі да жанчыны. На кадрах відаць, як яны размаўляюць з ёй, а яна махае рукой у той бок, дзе стаяў Ціханоўскі і яго прыхільнікі, прыкладна ў 10 метрах ад іх. Чуваць, як яна кажа: «Я задала пытанне чалавеку. Ён ад мяне ўцякае, я хачу атрымаць адказ». Не паспела яна скончыць фразу, як двое міліцыянтаў павярнуліся і накіраваліся ў бок Ціханоўскага, як быццам у іх абавязкі ўваходзіць забяспечыць, каб на пытанне быў дадзены адказ, а за імі пайшла і жанчына. Хоць у гэты момант Ціханоўскі быў аточаны шматлікімі прыхільнікамі і не вылучаўся сярод іншых мужчын, было відавочна, што міліцыянты дакладна ведалі, хто ён такі. Яны падышлі да яго без усялякіх патрабаванняў або загадаў, і пакуль ён проста спрабаваў сысці, адзін з афіцэраў схапіў яго за руку, патрабуючы: «Стойце, стойце!” Сцэна ўсё больш была падобная на правакацыю, і некалькі чалавек паспрабавалі ўстаць паміж Ціханоўскім і міліцыянтамі, але ніхто з іх не ўжываў ніякага гвалту. Хоць некаторыя дэталі наступнай штурханіны блытаніны цяжка разабраць на відэазапісу, ясна, што ні адзін з міліцыянтаў не быў аб’ектам наўмыснага гвалту, што магло б патлумачыць, чаму адзін з іх упаў або лёг на зямлю. Праз некаторы час той жа самы міліцыянт адлюстраваны на відэа, седзячы на лаўцы, а пасля — адведзены ў машыну хуткай дапамогі. Другі міліцыянт, мяркуючы па ўсім, не пацярпеў.

Тым часам яшчэ адзін міліцыянт працягваў пераследваць Ціханоўскага, які, у сваю чаргу, стараўся трымацца на адлегласці і можна было пачуць, што ён называў інцыдэнт правакацыяй. Характэрна, што менш чым праз хвіліну пасля інцыдэнту на плошчу прыехалі каля васьмі бусаў АМАПу (спецназу), экіпажы якіх адразу ж пабеглі наўпрост да Ціханоўскага і арыштавалі яго без якіх-небудзь тлумачэнняў. Разам з ім былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку аператар з яго YouTube-канала.

Ціханоўскага пасадзілі ў белы бус, які тут жа з’ехаў. Некаторых іншых удзельнікаў зацягнулі ў чырвоны аўтобус. Былі бачна, як міліцыянты ў форме і людзі ў цывільным з сілай штурхалі і адцягвалі людзей, каб вызваліць дарогу для праезду, а таксама зацягвалі ўдзельнікаў у міліцэйскія машыны. Ні разу не было чуваць, каб міліцыянты давалі загады ці патрабавалі нешта ад людзей або папярэджвалі іх пра якіясьці парушэнні закона або пра намер ужыць сілу. Некалькі чалавек паспрабавалі блакаваць рэшту бусаў, стоячы на іх шляху, але тыя ў рэшце рэшт пакінулі месца здарэння пасля таго, як некалькі чалавек у цывільным, верагодна, перапранутыя міліцыянты, расштурхалі людзей. Ніводны са шматлікіх відэазапісаў, старанна прагледжаных Міжнароднай амністыяй, не выявіў ніякага гвалту з боку ўдзельнікаў акцыі.

Прыкладна праз гадзіну невядомы міліцыянт выйшаў да прыхільнікаў Ціханоўскага і журналістаў, што сабраліся перад аддзяленнем гарадской міліцыі, і паведаміў ім, што «на дадзеным мерапрыемстве адбыўся канфлікт, у выніку якога пацярпеў супрацоўнік міліцыі … Цяпер усе ўдзельнікі канфлікту, з аднаго боку, з другога боку, затрыманыя». Бландынка ж, якая пераследавала Ціханоўскага, заставалася на плошчы яшчэ некаторы час пасля таго, як адбыліся арышты і міліцыя паехала, робячы правакацыйныя жэсты ў бок прыхільнікаў Ціханоўскага і камер.

Наступная адміністрацыйная і крымінальная вытворчасць

Паводле афіцыйнай інфармацыі, двое міліцыянтаў атрымалі «траўмы рознай ступені цяжкасці», і абодва былі ненадоўга шпіталізаваныя. Паводле іншай інфармацыі, у аднаго з афіцэраў дыягназавалі ўдар пярэдняй брушной сценкі. На момант напісання гэтага тэксту больш не было афіцыйнай інфармацыі пра раненні, якія нібыта атрымалі міліцыянты.

30 траўня ўлады распачалі крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў», якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў. 11 чэрвеня ў сувязі з гэтым інцыдэнтам была распачатая яшчэ адна крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 342 «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак і спрычыніліся да відавочнага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў або арганізацыяў, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях». У афіцыйных заявах з нагоды інцыдэнту 29 траўня ў Гродне ён быў ахарактарызаваны як «незаконнае масавае мерапрыемства», праведзенае «пад фармальным выглядам збору подпісаў выбарцаў».

Сярод тых, хто быў першапачаткова арыштаваны на месцы здарэння разам з Сяргеем Ціханоўскім, былі Аляксандр Арановіч, Васіль Баброўскі, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Яўген Разнічэнка, Арцём Сакаў і Вяргілій Ушак. З іх Баброўскі і Навумік былі вызваленыя з папярэдняга зняволення 9 ліпеня, а Ушак — 29 ліпеня, але на момант напісання тэксту абвінавачванні з іх усё яшчэ не знятыя. 4 і 6 чэрвеня былі арыштаваныя яшчэ некалькі прыхільнікаў Ціханоўскага, у тым ліку Уладзімір Кніга і Андрэй Новікаў.

Пачынаючы з 25 чэрвеня ў рамках гэтай справы ўлады выставілі абвінавачванні некалькім блогерам: Аляксандру Кабанаву, Дзмітрыю Казлову, Ігару Лосіку, Сяргею Пятрухіну і Уладзіміру Цыгановічу. Інфармацыя, якая тычыцца гэтых арыштаў, таксама наступнай адміністрацыйнай і крымінальнай вытворчасці, вельмі абмежаваная, а многія дэталі здаюцца наўмысна заблытанымі. Аднак ясна, што, арыштоўваючы згаданых асобаў, улады відавочна цэлілі ў сваіх найбольш гучных публічных крытыкаў і найбольш актыўных прыхільнікаў апазіцыі. Прад’явіўшы ім усім абвінавачванні паводле артыкулу 342, улады паспрабавалі стварыць уражанне вялікай змовы, накіраванай на падрыў грамадскага парадку ў краіне. Характэрна ў сувязі з гэтым, што абвінавачванні супраць блогераў былі вылучаныя пасля таго, як 25 чэрвеня міністр унутраных справаў Юрый Караеў заявіў, што пратэсты ў Беларусі каардынаваліся праз Telegram-каналы.

Ветэран апазіцыі, лідар незарэгістраванай палітычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч быў арыштаваны каля свайго дома ў Мінску 31 траўня; 30 чэрвеня яму таксама было выстаўленае абвінавачванне паводле часткі 1  артыкулу 342. 25 чэрвеня Сяргей Спарыш, генеральны сакратар гэтай партыі, быў выцягнуты са свайго дому ў ніжняй бялізне невядомымі людзьмі ў цывільным, а 9 ліпеня стаў апошнім падазраваным у гэтым крымінальным расследаванні.

Варта адзначыць, што некаторыя з тых, хто праходзіць па гэтай справе, нават не ўдзельнічалі ў мерапрыемстве 29 траўня. Напрыклад, Уладзімір Няронскі, блогер і паплечнік Сяргея Ціханоўскага, быў арыштаваны 6 траўня і з ад таго моманту заставаўся пад вартай, але, тым не менш, быў абвінавачаны ў «злачынстве». Гэтак жа сама, як і Мікалай Статкевіч, які кажа, што ўжо некалькі месяцаў не быў у Гродне. Пераслед гэтых людзей раскрывае сапраўдную мэту гэтага крымінальнай справы, якая не мае нічога агульнага з аховай правапарадку.

Парушэнне абавязанняў Беларусі па міжнародным праве правоў чалавека

Як дзяржава-удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), Беларусь абавязалася паважаць, абараняць і ажыццяўляць правы чалавека на свабоду выказвання меркаванняў (Артыкул 19 МПГПП), свабоду мірных сходаў (артыкул 21 МПГПП), свабоду асацыяцыяў (артыкул 22 МПГПП), свабоду асобы (Артыкул 9 МПГПП) і іншыя правы, у прыватнасці права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных справаў (Артыкул 25 МПГПП).

У сваёй Заўвазе агульнага парадку 37 аб праве на мірныя сходы Камітэт па правах чалавека яшчэ раз сцвярджае, што дзяржавы абавязаныя садзейнічаць правядзенню мірных сходаў, падкрэсліваючы, што артыкул 21 МПГПП «патрабуе ад дзяржаваў дазваляць… праводзіць сходы без неабгрунтаванага ўмяшання і садзейнічаць ажыццяўленню гэтага права, а таксама абараняць удзельнікаў» (п.8). Далей яны ідзе патрабаванне, «каб  супрацоўнікі праваахоўных органаў імкнуліся да дээскалацыі сітуацыяў, што могуць прывесці да гвалту. Яны абавязаны вычарпаць усе  негвалтоўныя сродкі і рабіць папярэджанні, калі ёсць абсалютная неабходнасць ужывання сілы толькі ў тым выпадку, калі нішто іншае не будзе відавочна эфектыўным. Любое ўжыванне сілы павінна адпавядаць асноватворным прынцыпам законнасці, неабходнасці, суразмернасці, перасцярогі і недыскрымінацыі … і тыя, хто ўжывае сілу, павінны несці адказнасць за кожнае ўжыванне сілы» (п.78).

Беларусь таксама з’яўляецца дзяржавай-членам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У адпаведнасці з Кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў (п.2.1), якія прадугледжваюць, што ахвотныя сабрацца не павінны шукаць атрымання дазволу на гэта. Любыя абмежаванні, якія накладаюцца на мірныя сходы, павінны мець фармальную прававую аснову і адпавядаць Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і іншым міжнародным дакументам па правах чалавека (п.2.3). Дзяржава мае пазітыўны абавязак прымаць разумныя і належныя меры для таго, каб мірныя сходы маглі праходзіць без боязі ўжывання фізічнага гвалту супраць іх удзельнікаў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў таксама павінны абараняць удзельнікаў мірнага сходу ад любых асоб або груп (уключаючы агентаў-правакатараў і контрдэманстратараў), якія спрабуюць якім-небудзь чынам сарваць або перашкодзіць правядзенню сходу (п.5.3).

Нацыянальнае заканадаўства Беларусі таксама вызначае прычыны і парадак ужывання сілы супрацоўнікамі міліцыі (у тым ліку АМАПам). Гэта магчыма толькі пры «пры выкананні задач па абароне жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзянаў, інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў» і толькі «калі іншымі спосабамі выкананне гэтых задач не ўяўляецца магчымым». Гэта не адпавядае міжнароднаму праву і стандартам. Тым не менш беларускі закон патрабуе, каб «ужыванню фізічнай сілы … павінна папярэднічаць выразна выяўленае і відавочнае для асобы, супраць якой [яна] ўжываецца, папярэджанне аб намеры [яе] ўжыць, за выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ў [яе] ўжыванні створыць непасрэдную небяспеку для жыцця грамадзянаў або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы» (Закон аб міліцыі, артыкул 26).

Відавочна, што арышт і крымінальны пераслед палітычных актывістаў і відных крытыкаў улады ў Беларусі пасля інцыдэнту 29 траўня ў Гродне і іншыя падзеі, што адбыліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, з’яўляюцца неабгрунтаванымі, палітычна матываванымі і накіраванымі на ўціск іншадумства, запалохванне і прымус замаўчаць іншых. Усе арыштаваныя з’яўляюцца вязнямі сумлення і павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а палітычна матываваны пераслед супраць іх і іншых асобаў павінен быць спынены.

Улады Беларусі павінны ў поўнай меры ўзяць на сябе абавязанні паважаць асноўныя правы чалавека, уключна з правам на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў, і ў рамках гэтых абавязанняў яны павінны правесці эфектыўнае расследаванне інцыдэнту 29 траўня і ўсіх наступных гвалтоўных інцыдэнтаў падчас вулічных акцыяў, якія адбыліся пасля і былі мэтанакіравана справакаваныя міліцыяй, якая імкнулася разагнаць і арыштаваць мірных дэманстрантаў. Любы супрацоўнік міліцыі, адказны за ўжыванне незаконнай або празмернай сілы, павінен быць ідэнтыфікаваны і прыцягнуты да адказнасці. Беларусь таксама павінна правесці грунтоўны перагляд сваёй практыкі падтрымання парадку, у прыватнасці практыкі, звязанай з вулічнымі сходамі, і забяспечыць яе поўную адпаведнасць міжнародным абавязанням краіны.