Власти Беларуси преследуют протестующих женщин Amnesty International.

Беларусь: Жанчына ненавісніцтва і дыскрымінацыя ў аснове брыдкай кампаніі супраць актывістаў напярэдадні выбараў

Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі супраць усіх іншадумцаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і неадкладна спыніць сваю заганную кампанію супраць жанчын-актывістак і членаў сем’яў прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, выкарыстоўваючы тактыку, якая грунтуецца на жанчынаненавісніцтве, заявіла сёння Міжнародная амністыя.

У дакладзе «Уціск з самага верху: гендарныя рэпрэсіі супраць жанчын-актывістак у Беларусі» міжнародная арганізацыя выкрывае гульню ўладаў, нацэленую на жанчын з ужываннем адмысловых гендарных рэпрэсіяў, што ўключаюць пагрозы адабраць дзяцей пад апеку дзяржавы і пагрозы сексуальнага гвалту.

«Ненаедныя ў сваім намеры прымусіць замаўчаць палітычных апанентаў і праявы любой формы іншадумства, улады Беларусі ўжываюць практыку, якая патыхае жанчынаненавісніцтвам. Яны наўмысна нацэленыя на жанчын, якія займаюцца палітыкай, або на жанчын-членаў сем’яў палітычных актывістаў, у тым ліку з адкрытай дыскрымінацыяй і пагрозамі сексуальнага гвалту», — заявіла Мары Стразэрс, дырэктар Міжнароднай амністыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Да выбараў застаецца ўсяго месяц, а жанчыны-актывісткі не толькі кідаюць сур’ёзны выклік дзейнаму прэзідэнту, але і сутыкаюцца з адкрыта жанчынаненавісніцкімі выказваннямі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія транслююцца ў прайм-тайм па нацыянальным тэлебачанні. Сёння ў Беларусі жанчыны таксама сутыкаюцца  з непрапарцыйным і палітычна матываваным пераследам, запалохваннямі, уціскам і рэпрэсіямі».

Пагрозы адабраць дзяцей

Выкарыстоўваючы дэкрэт прэзідэнта, у якім прапісаныя «меры па абароне дзяцей у праблемных сем’ях», улады пагражаюць адабраць дзяцей у жанчын-палітычных актывістак і ў сем’яў зняволеных апазіцыянераў.

Калі 29 траўня муж Віталіі Навумік — палітычны актывіст Уладзімір Навумік — быў арыштаваны па падазрэнні ў нібыта «хуліганстве», іхны пакой ў Гродне абшукала міліцыя, якая пасля даслала ў мясцовыя адукацыйныя службы неабгрунтаванае заключэнне пра «кепскія жыллёвыя ўмовы дзіцяці».

Як распавяла Міжнароднай амністыі Віталія:

«Паводле міліцыі, у нашым блоку ў інтэрнаце не было парадку, валяліся пустыя бутэлькі ад алкаголю, недакуркі цыгарэт. Але гэта было няпраўдай, і відэа, зробленае [міліцыяй] падчас ператрусу, можа гэта даказаць. Але яго ніхто не выкарыстоўваў у якасці доказа.

«Калі падчас праверкі мне сказалі, што маю дачку могуць забраць, я так спалохалася, што нават не ведала, што сказаць і як рэагаваць. Я проста стаяла перад імі, занадта шакаваная, каб нешта сказаць».

Пагрозы сексуальнага гвалту

Як паведамляецца, прынамсі ў адным выпадку жанчына-партнёр палітычнага актывіста, на якога абрынуліся рэпрэсіі, пачула скіраваныя ў свой адрас пагрозу групавога згвалтавання з боку міліцыі, калі яна знаходзілася ў аддзяленні міліцыі. Віялета, партнёрка Дзмітрыя Лукомскага, здымала на відэа міліцыянераў, якія прыходзілі да іх дадому ў пошуках Дзмітрыя, а потым забралі яе ў аддзяленне міліцыі для допыту. Яна распавяла Міжнароднай амністыі:

«Яны запыталі мяне, чаму я спрабавала здымаць на відэа, калі яны наведвалі мой дом і сачылі за мной, на што я адказала, што хацела абараніць сябе. Тады адзін з іх сказаў: «ну, прама зараз вы нас не здымаеце на відэа, і мы ўсе можам згвалціць вас і вы не зможаце гэта даказаць».

Іншыя формы дыскрымінацыі па прыкмеце полу з боку ўладаў у дачыненні да жанчын-актывістак у Беларусі ўключаюць непрапарцыйна вялікія штрафы і забарону на выкарыстанне асноўных прадметаў асабістай гігіены, такіх як гігіенічныя сурвэткі, для жанчын, затрыманых за ўдзел у мірных мітынгах.

«Гэтыя глыбока трывожныя тэндэнцыі, без сумневу, падсілкоўваюцца спансаваным дзяржавай жанчынаненавісніцтвам, так відавочным у Беларусі напярэдадні жнівеньскіх выбараў. Палітычныя рэпрэсіі, што маюць на мэце распаўсюд страху і адчаю, а таксама ўціск, якія мэтава скіраваны на жанчын, павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Мары Стразэрс.

Кантэкст

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца 9 жніўня. Дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка дамагаецца перавыбрання на шосты тэрмін запар.

Яго палітычныя супернікі падлягаюць жорсткім рэпрэсіям, а два прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта — Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі — былі адвольна арыштаваныя і ў цяперашні час знаходзяцца пад вартай у якасці падазраваных у крымінальных злачынствах паводле неабгрунтаваных абвінавачванняў. Жонка апошняга, Святлана Ціханоўская, уступіла ў прэзідэнцкую гонку замест яго. Яна, як і іншыя жанчыны-палітычныя актывісткі, сутыкнулася з уціскам і запалохваннямі. Сотні яе прыхільнікаў і прыхільнікаў іншых апазіцыйных кандыдатаў, а таксама іншых актывістаў былі арыштаваныя і спазналі жорсткае абыходжанне. Шмат каму з іх былі прысуджаныя штрафы або так званыя «адміністрацыйны арышт», які доўжыцца па некалькі дзён, а часам і тыдняў.